Кажуць, мова мая аджывае
Век свій ціхі: ёй  знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара…
 
Мяне да глыбіні душы кранаюць гэтыя радкі з верша Пімена Панчанкі.
 
Родная мова – наша гістарычная спадчына. Таму яна не толькі сродак узаемазносін, але і рэальная сувязь паміж рознымі пакаленнямі, якія  жылі на Беларусі з незапамятных часоў. Жыццё кожнага з іх вызначалася сваімі асаблівасцямі, гістарычнымі падзеямі. Але ўсе яны –адно цэлае, бо іх аб’ядноўвае мова , Радзіма.
 
Разам з беларускім народам наша мова прайшла вялікі і цяжкі шлях гістарычнага развіцця. Яе станаўленне, фарміраванне адбывалася ва ўмовах нацыянальнага прыгнечання. Людзям забаранялі карыстацца роднай мовай. А ці можа існаваць без яе народ, калі мова – яго душа? Вядома, не. Як дрэва прападае без сваіх каранёў, так і людзі – без мовы. Разам з ёю прыгняталі, прыніжалі і людзей, пагарджалі іх пачуццём нацыянальнай годнасці.
 
І ўсё ж яна, мова, прайшоўшы свой цяжкі, пакутніцкі шлях, “выйшла на волю, як кветка красы”.

Хоць зараз мы жывём у абруслай краіне, але наша мова жывая, яна існуе побач і займае ўсё больш значнае месца. Я, канешне, не маю нічога супраць рускай мовы, наадварот: вельмі люблю і цаню яе. Але руская мова – гэта душа рускага народа, яго гістарычная спадчына. А мы, беларусы, каб не страціць свой твар, павінны берагчы сваю мову. Гэта мова Францыска Скарыны, Францішака Багушэвіча, Янкі Купалы, ЯкубаКоласа, Максіма Багдановіча. Усе яны шмат зрабілі для яе развіцця і ўзбагачэння. Дзякуючы ім наша мова набыла адточанасць, цывілізаванасць. Зараз гэта наш найвялікшы і найдаражэйшы скарб. І ён не менш каштоўны, чым скарб рускага народа – руская мова.

У нас няма забароны на родную мову.  Ніхто з нас не задумваўся, што некаторыя  малыя краіны і народы ўвогуле пазбаўлены гэтага шчасця – роднай мовы, што за кошт сваёй колькасці і за адсутнасцю права выказацца, яны страцілі сваю мову, згубіўшы пры гэтым і саміх сябе як нацыю.

У сучасным грамадстве на роднай беларускай літаратурнай мове гавораць адзінкі. Аднак прайшло не так ужо шмат часу, каб яе забыць, каб страціць свае карані і гісторыю. Наколькі прыемна весці гутарку на сваёй, нічым непаўторнай, своеасаблівай мове. Як прыемна ўслаўляць тым самым сваю культуру і краіну, людзей, якія ў ёй жывуць. Мова – гэта наша індывідуальнасць, якую нельга адабраць, з якой мы можам паказаць свету, што нас ні з кім не зблытаеш.

Маладое пакаленне ўсё ж мала разумее, што родная мова – гэта люстраны адбітак унутранага свету, патрыятызм і мысленне чалавека, хоць і само слова “патрыятызм” страчвае сваё значэнне ў светлых галовах некаторых нашых людзей. Замест роднай, народнай мовы ўсё часцей чуецца жаргонны слэнг ці бяздушная і прэсная гутарка.  “Той-сёй гаворыць – аджывае ўжо мова родная мая. А я скажу: Яна жывая, Пакуль жывеш і ты, і я!” Гэтыя словы Віктара Шымука вельмі яскрава характарызуюць сённяшнюю моўную сітуацыю ў краіне. На якой мове ты думаеш, разважаеш і размаўляеш, на такой адлюстроўваецца і ўспрымаецца знешні свет. Магчыма, адмоўныя факты, якія назапашваліся на працягу некалькіх стагоддзяў, прывялі да такога ўспрыняцця роднай мовы. Але варта задумацца ўсім і ўлічыць тое, што нават калі мова нацыі не з’яўляецца міжнацыянальнай мовай зносін ці ў дзяржаве ўзаконены білінгвізм, гэта зусім не значыць, што ад яе можна адрачыся і забыцца на яе.

Безумоўна, замежныя мовы не горш, і ніхто не мае права сцвярджаць, што тая ці іншая мова непрыгожая і яе не варта вывучаць. Зусім наадварот. Вывучаючы іншыя мовы, чалавек пазнае  новыя кірункі, новыя магчымасці, новых людзей і гісторыю, духоўна расце і развіваецца, бо мова з’яўляецца моцным інструментам для захавання спадчыны.  Але галоўнае, каб яна заўсёды была ў душы і не ставілася на ступень параўнання з той ці іншай –  такія рэчы параўнаць нельга, іх можна толькі па-рознаму ацаніць.

Мова нашага народа – гэта лепшае, што можа быць у яго духоўным жыцці.  Я лічу, што нацыянальная культура, мова людей – гэта пачуццё іх уласнай годнасці. Родная мова ў чалавека адна, як Радзіма, як спадчына, як бацькі.

Народ і яго нацыянальная мова – непадзельныя паняцці, якія павінны насычаць адзін аднаго. Заклікаючы сябе расплюшчыць вочы на беларускую мову, заклікаю і іншых зрабіць тое самае. Нездарма ж Алесь Бачыла заўважыў, што “як у спёку ратуе ад смагі вада, так і думы людскія ўратоўвае мова…”

Давайце ж не дадзім мове знікнуць з вуснаў нашага народа!

ІВАНЧУК АЛЯКСАНДР, 8 “В” КЛАС