ИБЦ

Поиск

rubezh-CNenfres

Паважаныя чытачы! Пазнаёміўшыся з гэтымі беларускімі кнігамі, не забывайце, што вы іх можаце ўзяць пачытаць у нашай школьнай бібліятэцы.

У гэтым зборніку вы знойдзеце апавяданні, вершы, загадкі, казкі, прыказкі, прымаўкі, на розныя тэмы. Кніга складаецца з 12 разделаў, якія маюць назвы месяцаў года. Разнастайныя творы (вершы, апавяданні, казкі, інсцэніроўкі, загадкі, лічылкі, прыказкі, прымаўкі, смяшынкі, дзіцячыя гульні) і заданні падабраны і размеркаваны ў адпаведнасці з характарыстыкай пэўнага месяца года. 

Цікава будзе вам пачытаць апавяданне В. Хомчанка "Галка", у якім цікава расказваецца пра тое, як зімой трэба ахоўваць птушак. Дзе ж яны могуць знайсці сабе корм, калі ўсё занесена снегам. А вось калі вы зробіце кармушку, альбо злепіце Дзеда Мароза, як герой гэтага апавядання, і прымацуеце да яго рук скрыначку з кормам, то для птушак гэта будзе сапраўдным святам. А вось чорная галка не паспела пажывіцца зярнятамі, і вось паслухайце што яна зрабіла. "Галка скокнула ў кармушку, а ў кармушцы - пуста. Яна са злосці схапіла дзюбай моркву і паляцела з ёю. І Дзед Мароз застаўся без носа".

А для таго, каб вам падняць настрой, вы прачытаеце жарты:

- Міхаська, што ты робіш?

- Ліст пішу Марынцы.

- Ты ж пісаць не умееш!

- Ну і што! І яна ж чытаць не ўмее.

***

- Дзе наша тарка? - дзівіцца на кухні маці.

- Я выкінуў яе ў смеццепровад.

- Навошта, сынок?

- Дык яна ж уся ў дзірачках!..

 

Хрустальны калодзеж : казкі народаў Еўропы

У зборнік увайшлі папулярныя казкі многіх народаў Еўропы. Яны асуджаюць зло, прагнасць, жорсткасць і ўслаўляюць смеласць, кемлівасць, дабрыню, працалюбства. Казкі не простыя, а чароўныя і вельмі цікавыя. Вось пераканайцеся самі:

"Вось ідзе старэйшы брат па тайзе. Якая з грыбоў ежа? Прагаладаўся зноўку.

"Эх! - думае, - Добра б зараз мяска ды хлебка!" Не паспеў падумаць, як пачуў пах смажанай дзічыны.

- Адкуль жа гэта так слаўна пахне? Вось бы дзічынкай падмацавацца!

І налева пойдзе, і направа - пах, вось ён, а самой дзічыны не відаць. Стаміўся, плынуў, упаў пад старую хвою адпачыць трошкі, падняў вочы на неба - а ў дупле ж над ім два смажаныя цецерукі".

Узрадаваліся браты, але дарэмна, не трэба было ім у лес за грыбамі без ежы адпраўляцца. Аказалася, што да гэтага дупла немагчыма было далезці, ствол хвоі быў гладкі і тоўсты. А вось што было далей, як самы меньшы брат прыйшоў дадому з мядзвежай шкурай, не забіваючы яго, даведаецеся самі прачытаўшы кнігу.

 

Бадак А.М. Насякомыя:

Гэта чацвёртая кніга папулярнай серыі.
Якія насякомыя, як і птушкі, адлятаюць у вырай? Хто з насякомых самы хуткі? Як насякомыя адрозніваюць "сваяка" ад чужынца? Ці праўда, што начныя матылькі чуюць лепш за людзей, а восы будуюць папяровыя домікі? За што птушкі не любяць божую кароўку? Навошта мурашкі на зіму пераносяць тлю ў свае домікі?
На гэтыя, а таксама на шматлікія іншыя пытанні можна знайсці адказы ў кнізе.
Выданне багата ілюстравана каляровымі фотаздымкамі. 

 

Нам засталася спадчына: нарысы, вершы.

Гэта - незвычайная кніга. Яе дораць вам аўтары "Вясёлкі" - пісьменнікі і журналісты. Творы гэтага сваеасаблівага падручніка па гісторыі роднай Беларусі друкаваліся на старонках вашага любімага часопіса пад рубрыкай "Наша спадчына". Хочацца верыць, што такія кнігі будуць выдавацца і далей, бо гістарычная спадчына нашай Бацькаўшчыны багатая і цікавая. Вам, дзеці, будзе карысна і цікава прачытаць пра царкву-крэпасць, якая знаходзіцца ў вёсцы Сынковічы Зельвенскага раёна, і якую на самай справе павінны называць царква Святога Архангела Міхаіла. Менавіта тут ў вёсцы Сынковічы знайшоў прытулак князь Вітаўт. Ён уцёк з Крыўскага замка, апрануўшыся ў жаночае адзенне. Не толькі сама вёска спадабалася князю Вітаўту, але і яе жыхары. Каб падзякаваць за сваё выратаванне князь Вітаўт загадаў пабудаваць такую моцную царкву, што ў ёй можна было схавацца ў часы войнаў. Цяпер пра гэтую старажытную царкву-крэпасць ведаюць ва ўсім свеце, прыязджаюць замежныя турысты, каб палюбаваца на яе сваімі вачыма, а не віртуальнае падарожжа па інтэрнэту. "Чырвоныя цагляныя сцены Сынковіцкай царквы-крэпасці, здаецца, абпалены полымем мінулых войнаў і паліты крывёю нашых продкаў. А расплюшчаныя вочы байніц - з надзеяй глядзяць на нас, каб мы заўсёды памяталі сваю мінуўшчыну і бераглі мір на зямлі". А колькі яшчэ такіх старажытных будынкаў, цэркваў, капліц, касцёлаў знаходзіцца на Беларусі, і ў кожнага свая гісторыя. А кожная вестачка пра мінуўшчыну павінна цяпер зацікавіць усіх людзей.

 

Якімовіч А.М. Я, Сямён і барабашка: аповесць-казка

Вучні шостага класа Язэп і Сямён заўважаюць, што ў Язэпавай хаце пасяліўся таемны барабашка. Потым разам з ім яны трапляюць у незвычайную краіну. У гэтай краіне побач з людзьмі жывуць даўнія язычніцкія багі. Пачынаюцца фантастычныя прыгоды, якія становяцца сапраўдным выпрабаваннем для хлопчыкаў і іхняй сяброўкі Пярвушкі.

 

Зборнік апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы

У кнігу ўвайшлі апавяданні беларускіх пісьменнікаў Міхася Пазнякова, Міколы Янчанкі, Валянціна Мысліўца, Наталлі Бучынскай, Уладзіміра Ягоўдзіка, Янкі Галубовіча, Георгія Марчука.
Рэкамендуецца вучням пачатковых класаў навучання для пазакласнага чытання. Цікава вам будзе даведацца пра добрыя справы дзяцей трэцякласнікаў, якія ўзялі шэфства над ветэранамі вайны і працы. Апавяданне называецца "Дзівачка", і такой на самай справе, як лічыў клас, была дзяўчынка Наташа Ільянкова. Але не ведалі яе аднакласнікі, якая гэта была чулая, добрая, і разумная дзяўчынка. Толькі адзін раз ёй хапіла пагаварыць з ветэранам вайны Сяргеем Пятровічам, і яна зразумела, як ён сумуе па сваёй дачцы, якая не хоча да яго прыязджаць. Далей яна дзейнічала па зову сэрца, сустрэлася з дачкой ветерана, і ўсё яму расказала. Апавяданні Валянціна Мысліўца дадуць вам грунтоўныя веды па біялогіі. Вы прачытаеце пра незвычайных птушак і рэдкіх жывёл. Вось вам ўрывак пра белых галубоў: "Спакойна вадзіліся белыя галубы дадо на зялёным востраве ў Ціхім акеане. Марскія вандроўнікі неаднойчы апісвалі іх. Тоўстыя, тлустыя, вагою да паўтара пуда. Гарбатай дзюбай яны нагадвалі арлоў. На востраве хапала корму. Ніхто галубоў не трывожыў. Дадо тлусцелі, не маглі ўзлятаць на дрэвы. Сталі зямнымі. Людзі іх, здаецца, не чапалі. Не стралялі, не забівалі палкамі. Не салілі і не прадавалі. Мяса дадо было цвёрдае, як у старой качкі". Але і гэта іх не выратавала, калі на востраў прывезлі свіней, яны вынішчылі гэтых прыгожых птушак. Яны іх з'елі і разрушылі іх гнёзда.

 

Крынічка

Найлепшыя ўзоры фальклору, творы беларускіх і замежных пісьменнікаў размешчаны ў хрэстаматыі па тэматычных раздзелах. 
Прачытаеце апавяданні, вершы, і нават прыказкі і прымаўкі. З гэтай кнігі
вы даведаецеся, па якой прычыне страх можа быць нястрашны, хто ў пушчы гаспадар, дзякуючы чаму Нясвіжскі замак вытрымаў нямала суровых выпрабаванняў, і што за Чорная дама блукае па палацах замка. "даўно на чужыну вывезены старадаўнія рыцарскія даспехі, карціны, летапісы, кнігі, слуцкія паясы…", але застаўся несмяротны дух гэтай дамы Чорнай.

 

Вітка, В. Урокі роднага слова

Заслужаны дзеяч культуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і ўладальнік Ганаровага Міжнароднага дыплома імя X. К. Андэрсена, выдатны дзіцячы пісьменнік Васіль Вітка быў прыроджаным педагогам. Вось і гэтая кніга з літаратурнай спадчыны пісьменніка — своеасаблівы падручнік роднага слова, чароўнага, мілагучнага і шматфарбнага.

 

Бядуля, 3. Сярэбраная табакерка

Казка «Сярэбраная табакерка» ўваходзіць у літаратурную спадчыну класіка беларускай літаратуры і любімага многімі пакаленнямі чытачоў пісьменніка Змітрака Бядулі. Просты і паэтычны твор вызначаецца яркасцю і сакавітасцю мовы. Унукі даўно заўважылі як беражэ іх дзед табакерку. Яны бачылі, якая яна прыгожая, і думалі што яна каштоўная, раз дзядуля так з ёй носіцца.

"Ён нёс яе ў правай руцэ вельмі асцярожна, нібы яна вырвецца з яго рукі і паляціць птушкай. Стары паставіў табакерку на стол урачыста. Яна была гордасцю і гонарам сям'і. Яна пераходзіла ў спадчыну яго роду з пакалення ў пакаленне. Была гэта надзіва прыгожая сярэбраная скрыначка мастацкай ювелірнай работы. На яе сценках красаваліся два залатыя зграбныя зайчыкі, частуючыя адзін аднаго тытунем. А вось якім чынам табакерка, паводле апавядання дзеда, трапіла іхняму роду".

Дзед расказаў дзецям, як даўным-даўно прыехаў у іх мясцовасць багаты чалавек, які хацеў за грошы купіць лес і вывезці яго для сябе, а сам заблудзіўся, і амаль не затануў у балоце. А дзедаў прадзед яго выратаваў, і за гэта ён падараваў табакерку. Прайшло многа гадоў, але табакерка ад гэтага толькі выйграла, яна стала нібы чарадзейнай, табак не заканчваўся, а панюхаўшы яго чалавек набіраўся сілы і маладзеў. Прачытаўшы кнігу вы даведаецеся пра іншыя цуды табакеркі.

 

Бучынская, Н. Прыгоды маленькай Машынкі

Гэтую кнігу павінны прачытаць усе хлопчыкі, якія цікавяцца тэхнікай. З кожнай главы, вы штосьці возьмеце для сябе. Зразумееце, як рамантаваць машыну, з якіх частак яна складаецца. Чаму з пустым бакам вага машыны меньша, але Яна не хоча ехаць. Будзеце знаць, што рабіць калі ваша машына адчувае сябе дрэнна. Даведаецеся, якія машыны выратоўваюць жыццё людзей, і што здарыцца, калі нарушыць правіда дарожнага руху? Навошта перабуваць машыну?

 

Аўласенка, Г.П. Вася Лайдачкін у краіне Шкодных Звычак

Жыў сабе хлопчык Вася. Самы звычайны хлопчык, вось толькі мянушка ў яго была не зусім звычайная — Лайдачкін, бо не любіў наш Вася ні вучыцца, ні працаваць, а вось лайдачыць любіў. Таму і займеў такую абразлівую мянушку. Ранішнюю зарадку Вася ніколі не рабіў, твар і шыю мыў толькі пад маміным прымусам. A ўжо як не хацеў ён зубы чысціць... Таму і пасябравалі з Васем Лайдачкіным Шкодныя Звычкі. І не проста пасябравалі, а нават да сябе ў госці запрасілі, у країну Шкодных Звычак. Толькі позна зразумеў Вася, што трапіць у гэтую краіну легка, а вось выбрацца з яе не кожнаму пад сілу.

 

Беларускія народныя казкі.     

Гэтае выданне адкрые чытачам цудоўны свет казак, сярод якіх «Зайчыкі», «Былінка і верабей», «Верабей і мыш», «Дзяцел, лісіца і варона», «Легкі хлеб», «Каня», «Ох і залатая табакерка», «Торба, дай розуму» і інш.
Кніга цудоўна праілюстравана, што робіць яе чытанне больш захапляльным.

 

Самы разумны

У зборнік увайшлі вядомыя беларускія народныя казкі «Стары бацька», «Шаптуха», «Пану навука», «Як мужык гусей дзяліў» і інш. Для чытання дарослымі дзецям.

 

Ліпскі, У.С. Свіцязянская русалка    

«Свіцязянская русалка» — незвычайная кніга для дзяцей вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, галоўнага рэдактара часопіса «Вясёлка» Уладзіміра Ліпскага пра Бераставіцкі, Навагрудскі, Ашмянскі, Слонімскі і іншыя раёны Гродзенскай вобласці. Такое выданне, дзе прафесійны дзіцячы пісьменнік расказвае пра пэўны рэгіён, яго непаўторныя краявіды і гістарычнае мінулае, яго вядомыя помнікі і знакамітых людзей, падрыхтавана ўпершыню. Дзеці павінны ведаць гісторыю і сучасную яву сваёй Радзімы. Асабліва актуальна гэта ў Год роднай зямлі.

 

Бутрамееў, У. Вялікія і славутыя людзі зямлі беларускай

Кніга У. Бутрамеева знаёміць дзяцей з выдатнымі гістарычнымі асобамі беларускай зямлі. У займальнай папулярнай форме выкладае старажытную гісторыю Беларусі, вучыць любіць свой край. Будзе цікавай для ўсіх, хто жадае вывучаць і ведаць гісторыю сваёй краіны Беларусі.

Кніга багата ілюстравана.

 

Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў

«Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» прысвечана беларускім рэкам, азёрам, шырокавядомым вадаёмам, ix жыхарам. Тут можна не толькі прачытаць цудоўныя вершы і казкі пра водныя прасторы Радзімы, але і знайсці шмат цікавай і карыснай інфармацыі. У сучасны час забруджваюцца воды рэк і азёр хімічнымі адходамі.

Але бывае, людзі не падумаўшы наносяць шкоду рэчцы ці крыніцы. І ніхто не можа ведаць, што адчувае крыніца ці рэчка, у якой забруджана вада. Вось як у апавяданні Алены Масла "Споведзь мёртвай ракі": "Я плыву па зямлі, я шукаю чыстай крынічкі. Людзі! Дзе напіцца гаючай вады, спатоліць мне сваю смагу?

Вы даўно баіцеся мяне, не прыходзіце па маю прахалоду спякотнымі днямі. Як баліць маё сэрца, калі чую, што толькі самазабойца адважыцца ступіць у мяне басанож… Вы вязеце купаць свае целы на далёкія моры, спадзеючыся ў іх знайсці чысціню…

Столькі мудрых навук вучыце ў сваіх школах, што забываецеся на самае галоўнае. Зямля, на якой жывём мы ўсе, круглая. І нічога, створанае на ёй, не знікае ў прорве за даляглядам. Крынічкі збіраюцца ў рачулкі, тыя жывяць вялікія рэкі, а яны плывуць у моры-акіяны, перамешваючы ўсе страчаныя на сваім шляху воды. І не будзе чыстай вады, калі цячэ па зямлі хоць адна мёртвая рака".

Кніга нібы гаворыць нам, што мы павінны цаніць тыя прыродныя мясціны, каля якіх жывем, мы за іх адказваем перад сваім сумленнем. Давайце будзем цаніць і любіць нашу прыроду, ахоўваць рэкі і маленькія крынічкі!

 

Уладзімір Ліпскі «Вясёлка над Нёманам»

Гэтая кніга з прыгожай вокладкай, а на старонках вы знойдзеце карты вобласцяў, ад якіх не зможаце адвесці вачэй. Вельмі яркая і ў той жа час такая светлая, на добрай паперы, з прыгожымі малюнкамі. А самае галоўнае –яна пра нашу мясцовасць, і пра знаёмыя вам мясціны Гродзеншчыны! 
Што ні раздзел, то новы аповед аб слаўным краі. «Астравеччына прыродай і людзьмі ўвенчана», «Карэліцкі край – для вандровак рай», «Ліда і дома, і ў свеце вядома». Адчуваеце, якая моц у адных толькі назвах? А за імі шмат цікавага пра нашу старонку. Вы, напрыклад, ведалі, што жыхар вёскі Трашчаны з Астравеччыны яшчэ ў 1891 годзе змайстраваў парашут сваёй канструкцыі і здзейсніў з ім скачок з паветранага шара? Вось як Уладзімір Ліпскі расказвае пра задумку напісаць такую незвычайную кнігу. "Усё сваё жыццё я працую для дзяцей. Прысвяціў ім шмат аповесцей, апавяданняў, казак. Але ў апошні час на сустрэчах з хлапчукамі і дзяўчынкамі адчуў, што яны, на жаль, не ведаюць сваёй зямлі, яе гісторыі, геаграфіі, спадчыны… А менавіта з іх пачынаецца любоў да роднага краю, прачынаюцца пачуцці грамадзяніна і патрыёта. Мусіў адмовіцца ад казак (усміхаецца) і ўзяцца за сур'ёзную літаратуру для дзяцей. Спачатку напісаў кнігу «Я тут жыву», якая разышлася імгненна. Потым адкрыў у «Вясёлцы» рубрыку з аднайменнай назвай і запрасіў юных чытачоў у падарожжа па Радзіме. 
«Вясёлка над Нёманам» гэта маленькая энцыклапедыя Гродзенскай вобласці. Вам, дзеці, будзе цікава даведаца пра назву свайго горада. Вось што пра гэта піша аўтар: " З сівых вякоў дайшло да нас паданне пра тое, адкуль узнікла назва Ваўкавыск. На тым месцы, дзе цяпер стаіць горад, некалі шумелі непраходныя лясы. У гэтай дзікай пушчы жылі атаманы-разбойнікі Волак і Вісек. Нейкі Ваціслаў Забейка высачыў лясных смельчакоў і перамог іх. А на месцы атаманскага прыстанішча збудаваў некалькі хат. І назваў селішча Валакавіскам.

Яшчэ кажуць, што назва горада Ваўкавыск пайшла ад ракі Ваўкавыя.

А можа, таму Ваўкавыск, што ў гэтых лясных мясцінах вельмі ж любілі вадзіцца ваўкі? Так гэта ці не, але на сённяшніх гербе і сцягу Ваўкавыска і раёна адлюстравана выява срэбнага ваўка. Ён стаіць у блакітным шчыце, азіраецца назад, як бы хоча пераканацца, ці за ім, важаком, ідзе яго зграя".

Прачытаўшы гэтыя беларускія кнігі, вы палюбіце сваю краіну, і родную мову.

Страницы

Контакты

Личик Александр Анатольевич - директор т. 8 01512 2 00 66

Приемная - тел./факс - 8 01512 2 00 66

Балюк Жанна Николаевна – заместитель директора по учебной работе т. 8 01512 2 00 62

Петрова Ирина Васильевна – заместитель директора по учебной работе т. 8 01512 2 00 63

Плюта Ирина Аркадьевна – заместитель директора по учебной работе, т. 8 01512 2 00 62

Ковалевич Юрий Юрьевич – заместитель директора по воспитательной работе, т. 8 01512 2 00 62

Столовая - 8 01512 2 00 65

Учительская - 8 01512 2 00 63

Отдел кадров - 8 01512 2 00 66

Наш адресс:

Ул. Социалистическая, 10

231900 г.Волковыск, Гродненской обл.

Республика Беларусь

Наш e-mail:

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Как нас найти